Метапрадметны падыход да ўрокаў інфарматыкі | Настаўніцкая газета

Учебно-методический отдел

Метапрадметны падыход да ўрокаў інфарматыкі | Настаўніцкая газета

У старшых класах Андрэй больш за ўсё любіў урокі інфарматыкі. Яму хацелася, каб яны працягваліся і пасля заканчэння школы. Таму з выбарам будучай прафесіі сумненняў у маладога чалавека не было. Ён стаў студэн­там фізіка-матэматычнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна. Падчас вучобы да мэтанакіраванага студэнта хутка прыйшло разуменне: недастаткова быць зацікаўленым у сваім прадметам, неабходна да тонкасцей ведаць устройства камп’ютара, а таксама зоны развіцця інфарматыкі і метады яе інтэграцыі з іншымі галінамі ведаў. Падчас педагагічнай практыкі стараўся быць крыху поліпрадметнікам, метапрадметнікам. Безумоўна, для гэтага трэба добра валодаць ведамі па іншых дысцыплінах, цесна супрацоўнічаць з іншымі настаўнікамі. Працаваць у камандзе маладому чалавеку з самага пачатку было цікава.

Як адзначае сёння Андрэй Аляксандравіч, вялікай палёгкай і плюсам на старце працоўнай дзейнасці стала тое, што педагагічная практыка праходзіла ў той жа ўстанове, куды ён пазней прыйшоў у якасці маладога спецыяліста. Для яго гэта быў ужо не новы калектыў. З калегамі і гімназістамі склаліся добрыя адносіны, таму і хвалявання амаль не было.

Сёння Андрэй Аляксандравіч упэўнена заходзіць у свой кабінет і пачынае ўрок. Аднак шчыра прызнаецца: не варта чакаць, што адразу ўсё атрымаецца і на душы будзе спакойна. Яго першыя крокі як падчас педагагічнай практыкі, так і падчас работы ў якасці маладога спецыяліста былі значна больш ціхімі і не заўсёды ўпэўненымі. Ён скрупулёзна рыхтаваўся да заняткаў. У першы год працы нярэдка рэпеціраваў дома асобныя фрагменты ўрока. Хацелася як мага хутчэй набрацца вопыту і адчуць сябе больш упэўнена. Для гэтага шукаў цікавыя відэаўрокі па сваім прадмеце ў інтэрнэце, вывучаў распрацоўкі іншых настаўнікаў. Многаму вучыўся ў вопытных калег Калінкавіцкай гімназіі. Яго накіроўвалі педагогі Святлана Мікалаеўна Дзягцяр і Кацярына Яўгенаўна Буднікава — вопытныя, крэатыўныя настаўніцы інфарматыкі, да меркавання якіх ён прыслухоўваецца з першых працоўных дзён. Карыснымі былі і заняткі раённай і гімназічнай школ маладога настаўніка.

— Для мяне першарадная задача — зацікавіць гімназістаў сваім прадметам, паказаць, што вучыць інфарматыку і ўвогуле вучыцца цікава, а поспехі, калі прыкладаць намаганні, дасягаюцца заўсёды, — адзначае А.А.Яфрэмаў. — Добра, што сучаснае інфарматызаванае грамадства дае школе вучняў, якія ўжо маюць пэўныя ўяўленні аб камп’ютары. Часта дзеці самі звяртаюцца да настаўніка інфарматыкі, каб удасканаліць свае навыкі і ісці ў нагу з часам. Гэта важна. Бо цікаўнасць — гэта своеасаблівы кнот у свечцы вучобы, які неабходна своечасова запаліць. Для гэтага стараюся разгледзець, разгадаць кожнага свайго вучня. Безумоўна, на гэта патрэбен час. З самага пачатку спрабаваў прымяняць веды па ўзроставай псіхалогіі, якія былі атрыманы ў ВНУ, пры неабходнасці звяртаўся па парады да класных кіраўнікоў.

Такі падыход даволі хутка прынёс плён. У кабінет інфарматыкі заўсёды прыходзяць тыя, хто хочса папрацаваць за камп’ютарам дадаткова. Андрэй Аляксандравіч рады вучням і вітае іх жаданне разабрацца ў нечым, паспрабаваць новае, стараецца ўсім удзяліць час.

На сваіх уроках малады нас­таўнік не проста трансліруе веды. Ён будуе працэс навучання так, каб дзеці развівалі важныя ў наш час уменні ставіць перад сабой мэты і планаваць уласную дзейнасць, выра­шаць пастаўленыя задачы ў групе. Ён вучыць гімназістаў суадносіць свае дзеянні з дзеяннямі іншых, выконваць розныя ролі ў калектыве і эфектыўна ўзаемадзейнічаць. Андрэй Аляксандравіч часта аддае перавагу інтэграваным урокам. Яму падабаецца, што ў такім выпадку мае месца цесная сувязь навучання з жыццёвымі патрэбамі, інтарэсамі і сацыякультурным вопытам вучняў.

Малады педагог за час працы ўпэўніўся: вучню любога ўзросту для паспяховага засваення тэмы неабходна зразумець, як ён зможа прымяніць атрыманыя веды ў жыцці. Тады з’яўляецца зацікаўленасць, а потым — здольнасць і неабходнасць у інтэлектульным эксперыментаванні. А калі ўсё гэта атрымлівае падтрымку дарослых і накіравана ў патрэбнае рэчышча, поспехі не прымусяць сябе чакаць.

 Андрэй Аляксандравіч падкрэслівае, што яму як сучаснаму настаўніку неабходна навучыць маладое пакаленне асаблівасцям менавіта метапрадметнай інфарматыкі, паказаць усю шырыню яе магчымасцей і глыбіню пранікнення ў іншыя сферы дзейнасці. У гэтым сэнсе ў яго вучэбнага прадмета вельмі вялікі патэнцыял. А інтэграцыя інфарматыкі і інфармацыйных тэхналогій з іншымі агульнаадукацыйнымі дысцыплінамі становіцца неабходнасцю школьнай адукацыі, з’яўляецца шляхам метадычнага ўзбагачэння педагога.

Пры тлумачэнні новага матэрыялу педагог часта звяртаецца да анлайн-падручнікаў, відэафрагментаў рознай тэматыкі. Напрыклад, пры стварэнні простых прэзентацый ён прапаноўвае вучням выкарыстоўваць ілюстрацыі да мастацкіх твораў, якія ў гэты час вывучаюцца на ўроках рускай ці беларускай літаратуры. Пры распрацоўцы відэа накіроўвае навучэнцаў на тое, каб яны бралі за аснову свае асабістыя відэаролікі (эксперыменты, якія былі зняты да ўрокаў хіміі або фізікі). Пры фармаціраванні табліц за аснову зноў жа рэкамендуе браць уласныя фота­здымкі ці іншамоўныя тэксты, якія паралельна вывучаюцца на ўроках англійскай ці нямецкай мовы.

—  Для дыстанцыйных зносін з вучнямі мы карыстаемся Viber ці платформай Zoom, — дадае А.А.Яфрэмаў. — Сёння інтэрнэт дае шырокія магчымасці для таго, каб быць пастаянна на сувязі і паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы. У залежнасці ад сітуацыі можна выбраць аптымальны варыянт: ад традыцыйнай электроннай пошты да  відэаканферэнцыі і web-chat (чат для анлайн-зносін). Для стварэння інтэрактыўных заданняў да ўрокаў выкарыстоўваю сервіс Learning Apps, Google-формы, вучэбна-гульнявыя сродкі ІКТ, для ажыццяўлення кантролю —  анлайн-тэсціраванне. Мне, маладому настаўніку, яшчэ трэба адкрыць для сябе многія метадычныя прыёмы і метады.

 На тых этапах урока, калі асноўнае вучэбнае ўздзеянне перадаецца камп’ютару, Андрэй Аляксандравіч накіроўвае сваіх вучняў на тое, каб асэнсоўваць мэту самастойнага пошуку, актыўна ўзнаўляць раней атрыманыя веды, быць зацікаўленымі ў папаўненні ведаў, якіх не хапае. Аднак працэс навучання з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій будзе эфектыўным толькі тады, калі для гэтага створаны адпаведныя ўмовы. Малады настаўнік рады, што ў Калінкавіцкай гімназіі, дзе ён ужо трывала замацаваўся, `ёсць усё неабходнае: персанальныя камп’ютары і планшэты, мультыборд, інтэрактыўныя дошкі, праектары, а таксама кваліфікаваная метадычная дапамога намеснікаў дырэктара, падтрымка любых інавацый і ініцыятыў кіраўніком установы Наталляй Ула­дзіміраўнай Мохаравай.

Андрэй Аляксандравіч — чалавек актыўны, творчы, да новых спраў падключаецца з цікавасцю. У трэці год працы ён як малады спецыяліст прадстаўляў свой урок на раённым конкурсе распрацовак вучэбных заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў. Стаў пераможцам, і гэта дапамагло больш паверыць у сябе. Зараз А.А.Яфрэмаў — пастаянны ўдзельнік раённых майстар-класаў, традыцыйных педагагічных чытанняў. У 2019 годзе ён быў узнагароджаны граматай аддзела адукацыі Калінкавіцкага раённага выканаўчага камітэта. У мінулым годзе вырашыў па­спрабаваць сябе ў конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Стаў пераможцам першага этапу, прыняў удзел у другім. Для маладога педагога гэта быў вельмі каштоўны вопыт і магутны зарад натхнення.

Андрэй Аляксандравіч з’яўляецца мадэратарам сайта гімназіі. Акрамя таго, у якасці інжынера-праграміста заўсёды прысутнічае на ўсіх вэбінарах і семінарах, якія праводзяцца ва ўстанове адукацыі. Дзякуючы гэтаму, ён адным з першых даведваецца пра метадычныя навінкі практычна па ўсіх прадметах. Бярэ сабе на заметку асаблівасці работы іншых педагогаў вобласці і краіны, а пасля спрабуе “прымяраць” іх да сваіх урокаў.

Вучні А.А.Яфрэмава таксама радуюць сваёй актыўнасцю. Штогод яны прымаюць удзел у рэспубліканскай гульні-конкурсе “Інфамышка”, міжнародным анлайн-конкурсе па інфарматыцы  і вылічальнай логіцы “Бабёр”, інтэрнэт-алімпіядах і  іншых конкурсах. Пазаўрочныя формы дзейнасці станоўча ўплываюць на матывацыю да вучобы і развіццё творчых здольнасцей вучняў.

Пры ўсёй сваёй працоўнай загружанасці і шматзадачнасці Андрэй Аляксандравіч знаходзіць час на любімыя заняткі, без якіх, як і без школы, даўно не ўяўляе свайго жыцця. Галоўнае хобі — ігра на саксафоне. Для маладога чалавека гэта іншае, паралельнае жыццё, такое ж творчае, як і прафесія настаўніка. З задавальненнем выконвае музычныя кампазіцыі не толькі для сябе, але і на гімназічных і раённых мерапрыемствах.

 

Таццяна ШЫМКО.

 

 

 

 

https://nastgaz.by/metapradmetny-padyhod-da-urokau-infarmatyki/

Дополнительная информация