Дзесяць студэнцкіх перадэкзаменацыйных страхаў
- Подробности
- Опубликовано 30.12.2016 08:39
Як ад іх пазбавіцца і настроіць сябе на паспяховую здачу сесіі, згадзілася расказаць Таццяна Ушакевіч, псіхолаг, загадчык псіхалагічнай лабараторыі Мінскага гарадскога псіханеўралагічнага дыспансэра
Фобія 1. Выцягнуць білет, па якім не зможаш адказаць ні слова
Ёсць унікальныя людзі, якія вучаць усе білеты. І з тым, што веды ў такіх студэнтаў выдатныя, ніхто нават і не паспрабуе спрачацца. Але студэнты гэтыя чамусьці часта становіцца ахвярамі думкі, што аднойчы прыйдуць у аўдыторыю, выцягнуць білет і пабачаць там пытанне, на якое не змогуць адказаць нічога.
Такія паводзіны характэрны для вельмі педантычных людзей, якія прывыклі ўсё рабіць на "выдатна", а за педантычнасцю хаваецца няўпэўненасць у сабе. І колькі б намаганняў не прыкладалася, вынік здаецца недастатковым. Тут важнай парадай будзе паверыць у сябе. Той, хто рыхтуецца да іспытаў, усё ж валодае інфармацыяй: хай і не ведае яе на памяць, але можа на тэму білета паразважаць. Часта выкладчыкі чакаюць ад цябе не так многа, як здаецца.
Фобія 2. Проста выкладчык
Многім студэнтам рукі, ногі і мову аднімае гутарка з выкладчыкам на экзамене. Трапіцца такі вось цяжкі чалавек, які павінен нешта напісаць у тваёй залікоўцы — і хоць месяц вучы, а ўсё забудзешся адразу, як толькі трапіш пад пільны і патрабавальны позірк.
Выкладчык як чалавек аўтарытэтны часам выклікае страх. Гэта інстынктыўная рэакцыя, яшчэ з дзяцінства многія прызвычаіліся так рэагаваць на тых, ад каго залежаць. Толькі студэнту ўжо варта вызначыцца, кім ён сябе адчувае больш: дзіцем ці дарослым? Калі дарослым, то заканамерна, што з выкладчыкам вы можаце размаўляць і адчуваць сябе на роўных. Гэта ўсвядоміць не ўдаецца? Паспрабуйце сканцэнтравацца не на выкладчыку, а на сваім адказе, уявіце, што вы расказваеце гэта для сябе.
Фобія 3. Абавязкова здарыцца нешта дрэннае
Кніжкі прачытаў нават па дыяганалі, канспект ведаеш на памяць, а ў думках, нібы кінастужка, упарта круцяцца розныя магчымыя падчас экзамену сітуацыі: то глядзіш, як білет давялося перацягваць, то ў дэталях уяўляеш свой адказ. А гэта ўсё так перашкаджае супакоіцца і настроіцца!
Сам механізм "пракручвання" сітуацыі ў думках, у прынцыпе, нядрэнны. Тое, што мы здзейснілі ў сваёй галаве, нашмат прасцей ажыццявіць. Толькі ж студэнт — не экстрасэнс. Трэба дамовіцца з сабой, што ўсё будзе зроблена так, як запланаваў, але з невялікімі карэктывамі, без якіх немагчыма. Думайце не пра тое, як будзе страшна, калі раптам на экзамене пачнеце "плаваць", а пра тое, як будзеце пры гэтым дзейнічаць, каб выйсці з сітуацыі.
Фобія 4. Аддаць лішнія дарагія хвіліны на падрыхтоўку
Маю знаёмую Насцю нельга назваць чалавекам неарганізаваным, але вучыць падчас сесіі дзень у дзень, адводзячы на гэта стабільную колькасць часу — зусім не для яе. Усе важныя пытанні чытаць даводзіцца ў апошні момант, таму не абыходзіцца без бяссоннай ночы і валяр'янкі. Дзяўчыне такі стрэс не падабаецца, але прымусіць сябе рыхтавацца за пяць дзён Насця ніяк не можа. Нават не запамінаецца нічога, калі робіць спробу пачаць падрыхтоўку загадзя.
Хвалявацца з-за гэтага не трэба. Арганізм кожнага чалавека мае свой рытм, і для многіх сапраўды цяжка і шкодна прымушаць сябе шмат дзён сядзець за кніжкамі. Гэта як сітуацыя з бегам. Вы можаце ненавідзець ім займацца, але калі на вас раптам нападзе сабака, то вы ўцячэце з такой хуткасцю, на якую ніколі не былі здольныя. Тое ж і з іспытамі: у стрэсавай сітуацыі арганізм мабілізуецца, і праціўнікі размеранага рытму падрыхтоўкі могуць з поспехам запомніць матэрыял, прачытаны ў апошні вечар.
Фобія 5. Адчуванне "кашы ў галаве"
Шмат каму знаёмы стан, калі ўсе вывучаныя формулы, законы і азначэнні зліваюцца ў адзіную канцэнтраваную масу ведаў. Хваляванне прыводзіць да таго, што ўспомніць нешта канкрэтнае, дастаць яго з гэтай масы здаецца справай немагчымай. А раптам і на экзамене нічога не ўспомніш?
"Каша ў галаве" — гэта сімптом вельмі высокага ўзроўню трывогі. Таму галоўная задача — супакоіцца, а не намагацца гэтую "кашу" зрабіць яшчэ больш канцэнтраванай, бясконца гартаючы падручнік. У стане напружання запамінанне неэфектыўнае.
Фобія 6. Заклапочанасць адзнакай
"Мне трэба дзесяць балаў!" — хвалюецца часам студэнт, і вобраз такой жаданай адзнакі пастаянна маячыць на гарызонце. Гэта перашкаджае падрыхтоўцы, бо заўжды думаеш, ці дастаткова ўжо ведаеш для гэтага бала. Сюды ж прымешваецца страх не атрымаць жаданага і незадаволенасць сабой у выпадку атрымання, напрыклад, "васьмёркі".
Зноў жа, зашмат перфекцыянізму. Лепшыя вынікі, у тым ліку і адзнакі за экзамен, атрымліваюцца хутчэй у творчым парыве, чым пасля планамернай і педантычнай падрыхтоўкі, хоць на яе таксама забывацца нельга. Імкненне ўсё рабіць на "выдатна" рана ці позна прыводзіць да неўратызацыі. Трэба дазволіць самому сабе ў нечым і прайграць, быць менш дасканалым. Гэта не значыць, што "дзясятку" чалавек не атрымае, хутчэй за ўсё — нават наадварот.
Фобія 7. Немагчымасць заснуць
Нават перад лёгкімі іспытамі ў мяне ёсць "звычка" неспакойна спаць. Здаецца, і будзільнік навяла, і дзесяць разоў яго праверыла, і вывучыла ўсё, а сон не ідзе. Нібыта баюся нешта важнае праспаць.
Поўная мабілізацыя сапраўды многіх пазбаўляе сну. Ёсць шмат рэлаксацыйных методык, якія дазваляюць зняць напружанне, напрыклад, рэлаксацыя па Бенсану, але іх не асвоіш так адразу. Добрай альтэрнатывай ім, каб пазбавіцца ад хвалявання, а пасля добра заснуць, можа стаць паход у трэнажорную залу, на ўрок танцаў ці простая прагулка па вуліцы.
Фобія 8. Не памерці ад голаду
Гэта, вядома, жарт. Сённяшнія студэнты наўрад ці баяцца галоднай смерці. Многім проста ад хвалявання не хочацца есці. Нават любімыя стравы здаюцца нясмачнымі.
Дрэннае самаадчуванне — зусім не наступства будучага экзамену, а ўсяго толькі вынік вашага псіхалагічнага стану. Наўрад ці нельга прымусіць сябе з'есці хоць што-небудзь, хаця б у мэтах набыцця сіл, каб дайсці да экзаменацыйнага кабінета.
Фобія 9. Падрыхтаваны горш за астатніх
Невытлумачальнае адчуванне, нібыта ўсе здадуць, а ты — не. Нават тыдзень папярэдняй падрыхтоўкі не надае ўпэўненасці ў сваіх ведах. Важны момант у гэтай сітуацыі — не параўноўваць сябе з іншымі. Для кагосьці і перачытаныя тамы энцыклапедый — не вычарпальныя веды, а для вас, можа, поўнасцю прачытаны падручнік — ужо дасягненне.
Фобія 10. Не паспець вывучыць
Аб'ём пытанняў здаецца неабсяжным, і гэта перашкаджае вучыць, бо ўсярэдзіне пастаяннае пякучае пачуццё, што спазняешся катастрафічна.
Каб мець уяўленне пра матэрыял, дастаткова адзін раз яго прачытаць. Многія чытаюць па дзесяць разоў, нервуюцца і ў выніку нічога не запамінаюць. Пастарайцеся не думаць, які працэнт ужо вывучаны, навошта запаўняць непатрэбнымі думкамі галаву, якую перад экзаменам мэтазгодней запоўніць ведамі?
Ганна ГАРУСТОВІЧ
Информация взята с сайта МИНИСТЕРСТВА ОБРАЗОВАНИЯ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ (