Іван Пятровіч Шамякін: “Пісьменнік – Асоба – Час”

Іван Пятровіч Шамякін: “Пісьменнік – Асоба – Час”

photo 30 студзеня 2020 года І. П.Шамякіну, народнаму пісьменніку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўных і Літаратурных прэмій СССР і Рэспублікі Беларусь, Ганароваму акадэміку НАН Беларусі, класіку нацыянальнай літаратуры, чыё імя з гонарам носіць УА МДПУ імя І.П. Шамякіна, спаўняецца 99 год.

Дзейнасць І.П. Шамякіна-пісьменніка атрымала прызнанне ва ўсім свеце дзякуючы мастацкаму адлюстраванню ў яго творах подзвігу беларускага народа ў мірны час і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гуманістычнаму пафасу яго раманаў, аповесцей, апавяданняў, якія прасякнуты клопатам пра чалавека і шчырай верай у яго будучае. "Глыбокая плынь", "У добры час", "Крыніцы", "Атланты і карыятыды", "Зеніт" – усе гэтыя творы прысвечаны вострым праблемам сучаснасці: неабходнасці захавання ваеннай памяці, патрыятычнага і маральна-этычнага выхавання моладзі, адказнага стаўлення да сваёй справы, міласэрнасці, сумленнасці і інш.

Будучыню беларускага народа пісьменнік і педагог звязваў найперш з маладым пакаленнем. Ствараючы свае глыбока гуманістычныя мастацкія тэксты і адрасуючы іх у першую чаргу моладзі, ён шчыра клапаціўся пра яе актыўную грамадзянскую пазіцыю, высокую маральна-этычную культуру, жывы і зацікаўлены ўдзел у стваральнай працы. Таму выхаваўчы патэнцыял творчай спадчыны І.П. Шамякіна сапраўды невычарпальны. Сучасныя чытачы з жывым інтарэсам і ўважлівасцю паглыбляюцца ў мастацкі свет яго твораў, ужо ў назвах якіх адчуваецца клопат пісьменніка пра лёс асобнага чалавека і грамадства ўвогуле: "Крыніцы", "Сэрца на далоні", "Вазьму твой боль", "Злая зорка", "Палеская мадонна", "Пакаянне" і інш.

Творчасць І.П. Шамякіна стала аб’ектам навуковага даследавання для выкладчыкаў і студэнтаў Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. Так, у 1989 годзе была абаронена кандыдацкая дысертацыя Г.М. Дашкевіч "Праблема раманнай творчасці Івана Шамякіна". Штогадова абараняюцца курсавыя, дыпломныя работы, прысвечаныя аналізу лепшых набыткаў майстра беларускай прозы.

Праз кожныя два гады, пачынаючы з 2009, кафедрай літаратуры, а з 2015 кафедрай беларускай і рускай філалогіі УА МДПУ імя І.П. Шамякіна праводзяцца Міжнародныя Шамякінскія чытанні "Пісьменнік – Асоба – Час".

У VI Міжнародных Шамякінскіх чытаннях 2019 года прынялі ўдзел больш чым 60 навукоўцаў розных пакаленняў. Пытанні гісторыка-літаратурнай спадчыны Беларусі, розныя аспекты літаратурнай і грамадскай дзейнасці Івана Пятровіча Шамякіна, актуальныя праблемы сучаснай філалагічнай адукацыі зацікавілі прадстаўнікоў не толькі Беларусі, але і Расіі, Украіны. Студэнты філалагічнага факультэта, аддаючы даніну павагі творчасці Івана Шамякіна, прэзентавалі літаратурна-інфармацыйны праект «Сёння табе гонар і пашана!..”.

Ініцыятыву культурна-асветніцкага праекта УА МДПУ імя І.П. Шамякіна падтрымала дачка пісьменніка, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ Т.І. Шамякіна. Таццяна Іванаўна перадала ўнікальныя фотаздымкі з сямейнага архіва і ў сваім артыкуле адзначыла, што Іван Пятровіч неаднаразова бываў у Мазыры, але наўрад ці ўяўляў, што яго імя будзе прысвоена Мазырскаму ўніверсітэту, а калі б ведаў, то ганарыўся б гэтым.

Такім чынам, імя Івана Пятровіча Шамякіна, яго мастацкая творчасць, грамадская і педагагічная дзейнасць і сёння з’яўляюцца светапоглядным арыенцірам, узорам для сучаснай моладзі і грамадства.

фото

 

Дополнительная информация