“Зямля гэтая дарагая майму сэрцу, як ніякая іншая…”: да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мележа

“Зямля гэтая дарагая майму сэрцу, як ніякая іншая…”: да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мележа

photo

8 лютага 2021 года спаўняецца 100 год з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мележа, народнага пісьменніка Беларусі, грамадскага і культурнага дзеяча, выдатнага сына палескай зямлі. Нарадзіўся будучы пісьменнік у вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся спачатку ў пачатковай школе ў роднай вёсцы, потым – у сямігодцы ў Алексічах, дзесяцігодку заканчваў у Хойніках. Залаты медаль пасля заканчэння школы і безумоўны творчы талент матывуюць юнака на тое, каб стаць у будучыні пісьменнікам, атрымаўшы вышэйшую адукацыю ў Маскоўскім інстытуце гісторыі, філасофіі, літаратуры імя М.Г. Чарнышэўскага, што і атрымалася ў яго зрабіць восенню 1939 года.

Але з першага курса навучання Іван Мележ быў прызваны ў армію. Служыў на Данбасе, потым у Карпатах. Падчас армейскай службы яго і заспела Вялікая Айчынная вайна. Летам 1942 года пісьменнік быў цяжка паранены. У сваім дзённіку ваеннага часу, які быў апублікаваны асобнай кнігай пад назвай “Першая кніга”, Іван Мележ адзначаў: “Правае плячо было разбіта асколкам бомбы. Рука, якую ледзь не адрэзалі, як нежывая вісела на падвязачцы з марлі, рана зажывала марудна”. Франтавы дзённік пісьменніка стаў праўдзівым дакументам суровага, жорсткага часу вайны, своеасаблівай хронікай змагання савецкага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Менавіта ў тбіліскім ваенным шпіталі Іван Паўлавіч Мележ, налаўчыўшыся працаваць левай рукой, напісаў свае першыя апавяданні “Сустрэча” і “Апошняя аперацыя” (1942). Пасля камісавання з арміі па прычыне цяжкага ранення быў накіраваны ў горад Бугуруслан, дзе працаваў у мясцовай газеце. Расстанне з радзімай абвастрыла яго патрыятычныя пачуцці, выклікала настальгію. Жонка пісьменніка прызнавалася, што з яго аповедаў Палессе паўставала зямным раем, а сам пісьменнік прызнаваўся ў кроўнай сувязі з малой радзімай: “Я суткамі мёрз у акопах, а перад маімі вачыма стаяла спякотнае Палессе. Я месяцамі валяўся ў шпіталях – а ў мяне ў галавах стаялі палешукі”. Менавіта любоў да бацькоўскай зямлі прымусіла пісьменніка, які даведаўся пра тое, што БДУ быў эвакуіраваны на станцыю Сходня пад Масквой, паступіць на філалагічны факультэт гэтай навучальнай установы. Пасля вызвалення радзімы разам з універсітэтам пісьменнік вяртаецца на Беларусь. Вяртанне на малую радзіму прынесла пісьменніку не толькі радасць, але і вялікі боль: суседнія вёскі Каранёўка і Алексічы былі спалены фашыстамі, згарэла палова і родных Глінішчаў, на месцы роднай хаты і школы пісьменнік знайшоў папялішча.

Ваенная памяць, абавязак перад сябрамі, якія загінулі, прымушаюць пісьменніка задумацца над стварэннем вялікага эпічнага палатна пра маштабную аперацыю савецкіх войскаў “Багратыён” па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Такім творам стаў раман-эпапея “Мінскі напрамак”, працу над якім ён пачаў у 1947 годзе.

Абавязак перад радзімай, роднымі стаў яшчэ адной дамінантай духоўнага свету пісьменніка. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе ў Івана Мележа ўзнікае задума стварэння рамана пра Палессе, землякоў, блізкіх і родных – “Палескай хронікі”. Першапачаткова меркавалася, што гэта будзе вялікі твор пра меліяратаў, тых людзей, які адваёўвалі ў балота зямлю, аснову нацыянальнага быцця. Але калі пачалася праца над творам, пісьменнік зразумеў, што жыццёвы матэрыял для твора значна шырэйшы за першапачатковую ідэю. У 1961 годзе быў апублікаваны раман “Людзі на балоце” з красамоўным прысвячэннем – “Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі”. Праз год ён быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Якуба Коласа. Працягам “Палескай хронікі” стаў раман “Подых навальніцы” (1965). За першыя два раманы “Палескай хронікі” Іван Паўлавіч Мележ атрымаў вышэйшую ў СССР узнагароду – Ленінскую прэмію. Меркавалася, што цыкл будзе складацца з пяці раманаў, назвы наступных трох раманаў таксама вядомыя: “Завеі, снежань”, “За асакою – бераг”, “Праўда вясны”. Але праца пісьменніка з прычыны пагаршэння здароўя спынілася на трэцяй кнізе, якая так і засталася незавершанай.

У старажытным Палессі, у роднай вёсцы Глінішчы пісьменнік бачыў сапраўдную крыніцу натхнення, духоўнасці і чалавечнасці. Свае асабістыя пачуцці, успаміны, роздумы пра гістарычны лёс роднай зямлі ён увасобіў у вобразе невялікай, адасобленай ад свету балотамі вёскі Курані. Многія вобразы-персанажы “Палескай хронікі” маюць рэальных прататыпаў: старшыня райвыканкама Апейка, настаўніца Параска і інш. А ў вобразе Валодзькі, малодшага брата Васіля Дзятла, цэнтральнага персанажа “Палескай хронікі”, сабраны дзіцячыя ўражанні самога пісьменніка аб тым часе, у якім давялося жыць яго героям.

Дзякуючы Івану Паўлавічу Мележу, а таксама яго папярэдніку Якубу Коласу Палессе ва ўспрыняцці агульначалавечай культурнай супольнасці стала не столькі казачна-міфалагічным рэгіёнам Беларусі, колькі, гаворачы словамі Кузьмы Чорнага, “цэлым светам” са сваімі адметным побытам, матэрыяльнай і духоўнай культурай, прыродай, людзьмі. Невыпадкова яго твор быў перакладзены больш чым на дваццаць моў свету.

На палескім матэрыяле аўтар вырашае агульначалавечыя праблемы (кахання, здрады, адзінства чалавека і прыроды, каштоўнасці чалавечай асобы, чалавека і зямлі) і, разам з тым, праблемы народжаныя часам, у якім давялося жыць героям пісьменніка, – часам “вялікага пералому”, калектывізацыі, раскулачвання. Пісьменнік паказвае, як паступова, спачатку праз будаўніцтва грэблі, адасобленыя, самадастатковыя палешукі выходзяць у шырокі свет, сцвярджаюць сябе ў ім.

Першы раман “Людзі на балоце” – самы светлы, лірычны і пранікнёны, дзякуючы паэтызацыі першага чыстага кахання Васіля Дзятла і Ганны Чарнушкі. Ідэйна-мастацкай дамінантай рамана “Подых навальніцы” з’яўляецца думка пра вечную моцную повязь чалавека і зямлі, якая для палешукоў становіцца асновай быцця; пра імкненне чалавека быць гаспадаром на сваёй зямлі, адчуваць цвёрды грунт пад сваімі нагамі. Раман “Завеі, снежань” – пра лёс чалавека ў таталітарнай дзяржаве, пра ўплыў працэсаў калектывізацыі і раскулачвання на гістарычны лёс палешукоў і ўсяго беларускага народа. Праз зварот да мясцовага, рэгіянальнага пісьменнік вырашае нацыянальныя і агульначалавечыя праблемы.

Жыццёвы і творчы лёс Івана Паўлавіча Мележа быў цесна звязаны з Мазыром. Мазыр, Нароўлю, Юравічы называюць яго героі, калі разважаюць пра вялікі свет і пра сваё жаданне далучыцца да яго жыцця. Імя палескага пісьменніка носіць Мазырскі драматычны тэатр. Выкладчыца нашага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, актрыса Мазырскага тэатра Галіна Мікалаеўна Дашкевіч узгадвала, як на прэм’еры спектакля “Людзі на балоце”, пастаўленага рэжысёрам Міхаілам Коласам, прысутнічаў сам пісьменнік і высока ацаніў мастацкія здольнасці мясцовых артыстаў, падкрэсліўшы, што не іграюць, а жывуць на сцэне.

100-годдзю з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мележа прысвечаны і шматлікія мерапрыемствы, якія адбудуцца на філалагічным факультэце Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна: выстава навуковай і мастацкай літаратуры «І. Мележ – летапісец Беларускага Палесся», конкурс сачыненняў “Мастацкі вобраз беларуса-палешука ў творах І. Мележа”, семінар-практыкум “Развіццё чытацкай культуры студэнтаў сродкамі беларускай літаратуры”; наведванне Мазырскага драматычнага тэатра, прагляд і абмеркаванне спектакля «Сустрэчы і растанні»; куратарскія гадзіны на тэму “Славутыя людзі маёй Радзімы: І. Мележ”; прагляд і абмеркаванне дакументальнага фільма “Туманы над багнаю”, прысвечанага жыццю і дзейнасці Івана Мележа і інш.

Творы Івана Паўлавіча Мележа маюць важнае выхаваўчае значэнне, спрыяюць фарміраванню духоўнай культуры маладога пакалення, патрыятычных і грамадзянскіх пачуццяў студэнцкай моладзі. Пісьменнік вучыў любіць родны край, сваю малую радзіму, быць грамадзянамі сваёй краіны і ганарыцца ёю, аб чым сведчыць яго шчырае выказванне: “Зямля гэтая дарагая майму сэрцу, як ніякая іншая”.

 

А.У. Сузько, кандыдат філалагічных навук,

дацэнт, дацэнт кафедры беларускай і

рускай філалогіі

 

Дополнительная информация