ВІНШАВАЛЬНАЯ АКЦЫЯ “100 год з дня нараджэння Івана Пятровіча Шамякіна”

ВІНШАВАЛЬНАЯ АКЦЫЯ “100 год з дня нараджэння Івана Пятровіча Шамякіна”

“Глыбокая плынь”, “У добры час”, “Крыніцы”, “Атланты і карыятыды”, “Зеніт” – усе гэтыя творы, нягледзячы на тое, што былі напісаны ў другой палове мінулага стагоддзя, прысвечаны вострым праблемам і нашай сучаснасці: неабходнасці захавання ваеннай памяці, патрыятычнага і маральна-этычнага выхавання моладзі, адказнага стаўлення да сваёй справы, міласэрнасці і сумленнасці кожнага з нас.

Чытачы XXI стагоддзя з жывым інтарэсам паглыбляюцца ў мастацкі свет твораў Івана Шамякіна, ужо ў назвах якіх адчуваецца клопат пісьменніка пра лёс асобнага чалавека і грамадства ўвогуле: “Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Вазьму твой боль”, “Злая зорка”, “Палеская мадонна”, “Пакаянне” і інш.

У сваіх кнігах успамінаў і дзённіках Іван Шамякін адкрывае нам сакрэт сапраўднай народнасці пісьменніка: нязменная крыніца натхнення – гэта само жыццё; пісьменнік можа мець супярэчлівыя погляды на падзеі, але, калі пачынае пісаць, павінен напаўняцца дабрынёй! Менавіта так гучыць запавет Івана Шамякіна нашчадкам: мінулае, сучаснасць і будучыня толькі праз прызму дабрыні! Будучыню беларускага народа пісьменнік і педагог звязваў найперш з маладым пакаленнем. Ствараючы свае мастацкія тэксты, ён шчыра клапаціўся пра высокую маральна-этычную культуру моладзі, яе жывы і зацікаўлены ўдзел у стваральнай працы на карысць роднай зямлі. Як выдатны псіхолаг і тонкі лірык Іван Шамякін вельмі добра адчуваў каштоўнасць шчырых і цёплых чалавечых узаемаадносінаў. Сімвалам і сакрэтам гэтага ўнікальнага ўзаемаразумення паміж людзьмі прадстае яго трапяткое “сэрца на далоні”. Між людзьмі, адзначае І.П. Шамякін, павінна быць асаблівая роднасць, РОДНАСЦЬ такая, якую варта пісаць з вялікай літары! Сапраўды так, выхаваўчы патэнцыял творчай спадчыны Івана Пятровіча Шамякіна – невычарпальны! Яго заўсёды жывыя мастацкія вобразы і глыбока філасофскія сімвалы аб’ядноўваюць людзей розных пакаленняў, нацыянальнасцей, прафесій і поглядаў.

Ужо добрай традыцыяй УА МДПУ імя І. П. Шамякіна стала правядзенне Міжнародных Шамякінскіх чытанняў “Пісьменнік – Асоба – Час”. Так, чарговая юбілейная навуковая канферэнцыя адбудзецца 25–26 лютага 2021 года ў рамках урачыстага Тыдня ўніверсітэта, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння пісьменніка. Гісторыка-літаратурная спадчына Беларусі, розныя аспекты літаратурнай і грамадскай дзейнасці Івана Пятровіча Шамякіна, актуальныя праблемы сучаснай філалагічнай адукацыі зацікавілі навукоўцаў не толькі Беларусі, але і Расіі, Кітая, Германіі, Азербайджана, Украіны. Выхаваўчы патэнцыял лепшых набыткаў майстра мастацкага слова будзе пакладзены ў аснову майстар-класаў, якія падрыхтаваны настаўнікамі вышэйшай катэгорыі школ г. Мазыра, а метадычныя аспекты выкладання беларускай літаратурнай класікі стануць прадметам дыскусіі паміж выкладчыкамі, настаўнікамі, студэнтамі і вучнямі школ палескага рэгіёна на навукова-метадычным семінары. Актуальнасць і, разам з тым, лірычная пранікнёнасць прозы Івана Пятровіча Шамякіна зацікавілі студэнтаў філалагічнага факультэта, якія прэзентуюць літаратурна-музычную кампазіцыю “Сёння табе гонар і пашана!..”. Безумоўна, юбілей класіка нацыянальнай літаратуры аб’яднаў прафесійныя і творчыя пошукі супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта і педагагічных калектываў сярэдніх школ Беларускага Палесся. Праграма Літаратурнага тыдня з міжнародным удзелам, які будзе праходзіць з 22 па 26 лютага 2021 года на базе Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Пятровіча Шамякіна, уключае таксама ініцыятывы выкладчыкаў Маскоўскага педагагічнага дзяржаўнага ўніверсітэта, настаўнікаў ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Мазыра”, ДУА “Сярэдняя школа № 16 г. Мазыра”, ДУА “Гімназія г. Калінкавічы” і інш. Лекторый, майстар-класы, навукова-метадычны семінар, паэтычны вернісаж, навуковая анлайн-канферэнцыя і сустрэчы з творчымі асобамі Мазыршчыны – усё гэта прысвечана выдатнаму пісьменніку, творчай асобе, адказнаму і сумленнаму грамадзяніну сваёй краіны Івану Пятровічу Шамякіну.

Ініцыятыву культурна-асветніцкага праекта УА МДПУ імя І.П. Шамякіна падтрымала дачка пісьменніка, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ Т. І. Шамякіна. Таццяна Іванаўна перадала ў музей універсітэта ўнікальныя фотаздымкі з сямейнага архіва, навуковыя працы, прысвечаныя літаратурнай дзейнасці Івана Пятровіча. У фармаце анлайн-секцый беларускія і замежныя даследчыкі вызначаць новыя аспекты творчасці пісьменніка, а анлайн-дыскусія Таццяны Іванаўны Шамякінай са студэнтамі і выкладчыкамі дазволіць лепш даведацца пра агульначалавечыя каштоўнасці і духоўныя прыярытэты пісьменніка-сем’яніна, пісьменніка-бацькі. Мы павінны зразумець і адчуць гэту РОДНАСЦЬ, якую варта пісаць з вялікай літары!

 

Т.М. Чэчка, загадчык кафедры беларускай і рускай філалогіі
УА МДПУ імя І.П. Шамякіна

 

 

Additional information