Сустрэча з італьянскімі калегамі. Рэалізацыя праекта праграмы МОСТ

Сустрэча з італьянскімі калегамі. Рэалізацыя праекта праграмы МОСТ

 

У ходзе арганізаванай італьянскімі калегамі сустрэчы са студэнтамі Універсітэта г. Генуі былі прадстаўлены дасягненні УА МДПУ імя І.П. Шамякіна ў галіне адукацыі і навукі і асветлена спецыфіка падрыхтоўкі педагагічных кадраў у Рэспубліцы Беларусь.

Ва ўніверсітэце г. Генуі студэнты педагагічнага факультэта штогадова праходзяць практыку. За кожным студэнтам замацоўваецца супервізар, найбольш вопытны настаўнік школы, які кансультуе і суправаджае студэнта, дапамагаючы засвойваць тонкасці педагагічнай прафесіі. На сустрэчы з супервізарамі Універсітэта г. Генуі быў вывучаны вопыт арганізацыі педагагічнай практыкі будучых настаўнікаў пачатковай адукацыі ў Італіі і была прадстаўлена спецыфіка дзейнасці педагогаў дашкольнай адукацыі і настаўнікаў пачатковых класаў у Рэспубліцы Беларусь. У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся таксама актуальныя для многіх краін свету пытанні інклюзіўнай і полікультурнай адукацыі.

З італьянскімі калегамі былі праведзены перагаворы аб заключэнні міжнароднага дагавора аб супрацоўніцтве паміж Універсітэтам г. Генуі і УА МДПУ імя І.П. Шамякіна, абмеркаваны змест дадзенага дагавора і канкрэтныя формы супрацоўніцтва.

Горад Генуя, размешчаны на паўночным захадзе Італіі, на беразе Лігурыйскага мора, з’яўляецца буйным марскім портам. Генуя здзіўляе сваім адметным каларытам і багатай гісторыяй. Пясочнага колеру старажытныя будынкі з цёмна-зялёнымі аканіцамі, са шматлікімі тэрасамі на дахах, вузкія вулачкі, багатыя палацы і вілы з фундаментальнай архітэктурай, шматлікія яхты ўздоўж набярэжнай, вулічныя музыкі не могуць пакінуць абыякавым ні аднаго госця гэтага старога горада. Генуя – горад, дзе жыў Хрыстафор Калумб, дзе нарадзіўся Паганіні і дзе сёння захоўваецца яго скрыпка, вырабленая вялікім майстрам Гварнеры.

Музеі і храмы горада Генуі даюць магчымасць далучыцца да багатай італьянскай гісторыі і культуры, якая аказала моцны ўплыў на агульнаеўрапейскую культуру. Тут можна ўбачыць карціны вялікіх італьянскіх мастакоў (Леанарда да Вінчы, Караваджа, Бернарда Строцы, Джавані Франчэска Барб’еры і інш.), раскошу і веліч шматлікіх сабораў, вялікія хрысціянскія рэліквіі (мошчы Святога Іаана Хрысціцеля, Каўчэг Цела Гасподняга, Святы Грааль).

У цэлым камандзіроўка садзейнічала ўзбагачэнню не толькі сістэмы тэарэтычных ведаў і практычных уменняў і навыкаў, якія выкарыстоўваюцца ў ходзе падрыхтоўкі будучых педагогаў да прафесійнай дзейнасці ва ўстановах розных ступеняў адукацыі, але і асабістаму і прафесійнаму росту. Спадзяемся, што Універсітэт г. Генуі і УА МДПУ імя І.П. Шамякіна рэалізуюць у будучыні мноства выніковых праектаў і праграм.

фото фото
фото фото
фото фото
фото фото
фото фото
фото фото
фото фото
фото фото

Дадатковая інфармацыя