Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі ў Палацы Незалежнасці

Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі ў Палацы Незалежнасці

02-3

     28 снежня ў Мінску ў Палацы Незалежнасці адбыўся Рэспубліканскі навагодні баль з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка. У ім прынялі ўдзел лепшыя студэнты вну краіны: пераможцы алімпіяд і конкурсаў, лаўрэаты спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выдатнікі вучобы, актывісты маладзёжных арганізацый. Амаль 300 студэнтаў і старшакласнікаў, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці і спорце, навуковай і грамадскай дзейнасці.

У ліку самых лепшых і 4 студэнты нашага ўніверсітэта: Маскальчук Аліна (фізіка-інжынерны факультэт), Катрук Ксенія (філалагічны факультэт), Пахыла Таццяна (тэхнолага-біялагічны факультэт), Далянчук Пётр (факультэт фізічнай культуры).

Галоўнай асаблівасцю балю стала тое, што ў Беларусі ўпершыню на афіцыйным узроўні праводзяць навагодні баль у яго класічнай форме, узгадваюць і адраджаюць прыгожую традыцыю мінулых дзён.

“Тады падобныя свецкія мерапрыемствы з’яўляліся для маладых людзей ледзь не адзіным месцам для зносінаў. Сёння такіх месцаў дастаткова, – канстатаваў Прэзідэнт. – Але ведаеце, сапраўднага чалавека можна ўбачыць, толькі гледзячы ў вочы. Я вельмі спадзяюся, што вы знойдзеце тут сабе добрых, надзейных сяброў, і гэта будзе пачаткам добрай традыцыі суверэннай і незалежнай Беларусі”.

Аляксандр Рыгоравіч звярнуў увагу на тое, што прысутныя на балі маладыя людзі аказаліся ў Палацы Незалежнасці не дзякуючы выпадку альбо поспеху. “Гэты баль – свайго роду падарунак за стараннасць, працалюбства, выдатную вучобу, за вашу ініцыятыўнасць. Тут лепшыя з лепшых, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – Вы самая актыўная і прагрэсіўная частка нашага насельніцтва”.

Першы Рэспубліканскі баль вырашылі правесці ў фармаце балю дэбютантаў. У першай, класічнай частцы адрадзілі старажытныя бальныя традыцыі, закладзеныя яшчэ ў XVIII–ХІХ стагоддзях. Вечар адкрыўся паланэзам дэбютантаў і вальсам.

У другой частцы балю моладзь танцавала пад сучасную музыку, былі арганізаваны розныя конкурсы і гульні. На працягу ўсяго мерапрыемства майстар-класы, канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады і танцы не давалі моладзі сумаваць  (выкарыстаны матэрыялы з сайта belta.by).

Дадатковая інфармацыя