Рэспубліканскі семінар-практыкум па працоўным навучанні

Рэспубліканскі семінар-практыкум па працоўным навучанні

22–23 лістапада 2018 года ў г. Мінску ў ДУА “Акадэмія паслядыпломнага навучання” праводзіўся рэспубліканскі семінар-практыкум “Дыдактыка-метадычныя асаблівасці падрыхтоўкі навучэнцаў да рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні”. У ім прынялі ўдзел выкладчыкі тэхнолага-біялагічнага факультэта А.У. Ціханава і С.М. Гладкі.

А.У. Ціханава, працуючы з настаўнікамі абслугоўваючай працы, асаблівую ўвагу надала методыцы распрацоўкі і рашэння творчых задач. Кіраўнік семінара расказала пра вынікі ўласнага даследавання дадзенай праблемы, апісаўшы сутнасць, асаблівасці, віды і тыпы творчых задач па працоўным навучанні, патрабаванні да іх распрацоўкі і выкарыстання. Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў семінара выклікаў практыкум з прыкладамі рашэння канструктарскіх, графічных і тэхналагічных задач па розных раздзелах вучэбнай праграмы “Працоўнае навучанне. Абслугоўваючая праца”. Удзельнікам семінара быў прапанаваны аўтарскі зборнік такіх задач і прадэманстраваны прыёмы і асаблівасці іх рашэння.

Гладкі С.М. прааналізаваў з прысутнымі настаўнікамі тэхнічнай працы заданні 3-га і 4-га (заключнага) этапаў рэспубліканскай алімпіяды 2017–2018 навучальнага года, асаблівую ўвагу аддаў алгарытму рашэння алімпіядных заданняў адкрытага тыпу. Выкладчык апавядаў пра асноўныя прынцыпы адбору крытэрыяў ацэнкі работ удзельнікаў алімпіяды, а таксама пра асаблівасці падрыхтоўкі школьнікаў да алімпіяды па працоўным навучанні 2018–2019 навучальнага года.

Важным кампанентам работы семінара стала інфармацыйная і прафарыентацыйная работа. Удзельнікам былі прадстаўлены спецыяльнасці, па якіх вядзецца падрыхтоўка ва ўніверсітэце, спецыфічныя асаблівасці навучання на тэхнолага-біялагічным факультэце. Асаблівая ўвага была нададзена аналізу ільгот, якімі могуць карыстацца пераможцы прадметнай алімпіяды пры паступленні на спецыяльнасці “Абслугоўваючая праца і выяўленчае мастацтва”, “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”: разгледжаны нарматыўныя дакументы па дадзеным накірунку работы, прааналізаваны вынікі мінулых прыёмных кампаній, акрэслены перспектывы навучання і размеркавання.

Дадатковая інфармацыя