«Кубак першакурсніка – 2018» на тэхнолага-біялагічным факультэце

«Кубак першакурсніка – 2018» на тэхнолага-біялагічным факультэце

28-1        

На тэхнолага-біялагічным факультэце 23 кастрычніка 2018 года адбыўся І этап конкурсу “Кубак першакурсніка – 2018”. Студэнты першага курса з нецярплівасцю чакалі гэтага дня, калі можна паказаць сябе і выявіць свае таленты, а таксама проста атрымаць асалоду ад святочнай праграмы, падрыхтаванай пад кіраўніцтвам студэнтаў старэйшых курсаў.

 

Кожная з чатырох каманд факультэта была па-свойму арыгінальнай і здолела па-сапраўднаму здзівіць прысутных. Так, каманда “ГТО” (спецыяльнасць “Біялогія (навукова-педагагічная дзейнасць)”) захапіла ўвагу сваім яркім танцам і пазітыўным відэаролікам аб тым, як праходзіла падрыхтоўка да конкурсу.

Прадстаўнікі каманды “Капкан” (спецыяльнасць “Біялогія і хімія”) здзівілі публіку сваім непаўторным вакальным майстэрствам, цудоўным класічным стылем адзення, аб’яднанасцю і наяўнасцю адзінага і непераможнага духу каманды. Удзельнікі каманды “Нястрымныя” (спецыяльнасць “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”) сапраўды былі нястрымнымі са сваімі крэатыўнымі і вельмі вясёлымі сцэнкамі, арыгінальнай падачай і цудоўнай акцёрскай работай. Студэнты з каманды “Дзеці да Вінчы” (спецыяльнасць “Абслугоўваючая праца і выяўленчае мастацтва”) расказалі і паказалі вельмі кранальную і душэўную гісторыю кахання юнака і дзяўчыны ў нашым універсітэце.

Падчас мерапрыемства ў зале панавала добразычлівая атмасфера з неверагодна моцнай энергетыкай. Рашэнне аб тым, каму аддаць перамогу, аказалася вельмі складаным для журы. Але галоўны прыз атрымала каманда “Нястрымныя”, якая сваёй абаяльнасцю, лаканічным выступленнем і шматбаковай праграмай пераканала ў тым, што менавіта яна з’яўляецца лепшай.

Дзякуй удзельнікам гэтага свята! Гледачы ўбачылі мноства новых талентаў, якія, будзем спадзявацца, у далейшым будуць прымаць актыўны ўдзел у арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў універсітэта.

Асаблівую ўдзячнасць выказваем прафкаму студэнтаў універсітэта ў асобе Струкава В.В. за спонсарскую дапамогу.

Пажадаем камандзе тэхнолага-біялагічнага факультэта поспехаў на агульнаўніверсітэцкім фестывалі-конкурсе “Кубак першакурсніка – 2018”!

 

 

Дадатковая інфармацыя