Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Мазыршчына: людзі, падзеі, час”

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Мазыршчына: людзі, падзеі, час”

21-1

18 мая 2018 г. на філалагічным факультэце адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Мазыршчына: людзі, падзеі, час”. Удзел у канферэнцыі прымалі вучоныя з Беларусі і краін блізкага замежжа. Адкрыла канферэнцыю дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат педагагічных навук Сымановіч Таццяна Мікалаеўна, якая падзякавала ўдзельнікам за праяўленую цікавасць да праблемнага поля навуковага мерапрыемства, пажадала паспяховай і плённай працы. З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся прарэктар па выхаваўчай рабоце Шчур Сяргей Мікалаевіч, які адзначыў, што культурным і навуковым цэнтрам Мазыршчыны з’яўляецца Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна. Універсітэт займаецца падрыхтоўкай спецыялістаў з вышэйшай педагагічнай адукацыяй не толькі для Палесся, але і для ўсёй Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя з’яўляецца эфектыўнай пляцоўкай для абмену новай інфармацыяй, звесткамі з гісторыі Мазырскага рэгіёна, вопытам выкарыстання новых тэхналогій і методык у сучаснай сістэме адукацыі.

Начальнік аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Тураўскай епархіі, ігумен Аўксенцій адзначыў, што нарожны камень кожнай эпохі – духоўнасць. Без духоўнасці немагчыма выхаваць чалавека, які эфектыўна працуе на карысць сваёй Айчыны. У апошнія гады прадстаўнікі навуковых супольнасцей і Царквы маюць магчымасць сустракацца, каб пераасэнсаваць падзеі царкоўнай і свецкай гісторыі нашай дзяржавы, працаваць на ніве духоўнага і культурнага адраджэння Айчыны. За духоўна-маральнае выхаванне моладзі ігумен Аўксенцій узнагародзіў медалём Тураўскай епархіі намесніка дэкана па выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта І.Л. Судзібор, дэкана факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.А. Сухога, кандыдата гістарычных навук, дацэнта С.А. Юрыса.

З пленарнымі дакладамі, прысвечанымі актуальным праблемам гістарычнага развіцця Палескага рэгіёна выступілі М.М. Мязга, дэкан гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, доктар гістарычных навук, дацэнт; С.А. Елізараў, прафесар кафедры сацыяльна-гуманітарных і прававых дысцыплін Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.А. Сухога, доктар гістарычных навук, прафесар; С.А. Чаропка, загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Вынікі навукова-практычнай канферэнцыі былі падведзены ў рамках семінара “Развіццё гістарычнай адукацыі: вопыт і перспектывы”, на якім прысутнічалі: рэктар універсітэта, доктар біялагічных навук, прафесар, заслужаны працаўнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровы прафесар універсітэта В.В. Валетаў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў і ўдзельнікі канферэнцыі. У ходзе семінара былі разгледжаны актуальныя праблемы развіцця вышэйшай адукацыі, абмяркоўваліся перспектывы дыстанцыйнага навучання, аналізаваўся заходнееўрапейскі вопыт у сферы вышэйшай адукацыі.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Мазыршчына: людзі, падзеі, час” з’яўляецца навукова-метадычнай пляцоўкай, якая дазваляе плённа займацца выхаваннем асобы на традыцыях Праваслаўя, творчага выкарыстання гісторыка-культурнай спадчыны ва ўсіх сферах жыцця грамадства.

 

 

Дадатковая інфармацыя