Удзел аспірантаў кафедры педагогікі і псіхалогіі ў міжнароднай навуковай алімпіядзе па педагогіцы

Удзел аспірантаў кафедры педагогікі і псіхалогіі ў міжнароднай навуковай алімпіядзе па педагогіцы

22-1

19 красавіка 2018 года ў рамках Дэкады студэнцкай навукі ў БДПУ імя М. Танка адбыўся фінальны этап міжнароднай навуковай алімпіяды па педагогіцы.

Наш універсітэт прадстаўляла каманда аспірантаў: Дубавец Алена Мікалаеўна, Карповіч Ірына Аляксандраўна, Смяглікаў Сяргей Мікалаевіч.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася прарэктар па навуковай рабоце, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Васільеўна Торхава. Яна адзначыла значнасць мерапрыемства для развіцця навуковай эрудыцыі яго ўдзельнікаў, узбагачэння вопыту навукова-даследчай і праектна-інавацыйнай дзейнасці.

Ганна Васільеўна ўручыла дыпломы пераможцам у намінацыях “Навуковая эрудыцыя” і “Лепшы навуковы артыкул”. Яны былі вызначаны па выніках ІІ (дыстанцыйнага) этапу алімпіяды. У намінацыі “Лепшы навуковы артыкул” І.А. Карповіч атрымала дыплом ІІІ ступені.

У фінальным этапе міжнароднай навуковай алімпіяды па педагогіцы прымалі ўдзел чатыры каманды аспірантаў і шэсць каманд студэнтаў і магістрантаў з Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І. Герцэна, БДПУ імя М. Танка, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна і Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова.

Што датычыцца фінальнага этапу, то ён уяўляў сабой прэзентацыю камандамі-ўдзельніцамі навуковых праектаў. У навуковых работах былі адлюстраваны вынікі даследаванняў, прымеркаваных да Года малой радзімы. Маладыя вучоныя разглядалі такія праблемы, як педагогіка роднага краю, валанцёрская і добраахвотніцкая дзейнасць, фарміраванне сацыяльных і сямейных каштоўнасцей, асаблівасці полікультурнай прасторы ўстановы адукацыі і інш.

Прадстаўленне каманднага дамашняга задання праходзіла ў форме подыумнай дыскусіі з экспертамі-лідэрамі педагагічнай навукі.

Журы ацэньвала якасць выступлення, якасць пытанняў, што задаваліся камандам-супернікам, а таксама якасць адказаў на іх.

Па выніках выканання заданняў усіх этапаў алімпіяды (дыстанцыйнае тэставанне, аналіз навуковага артыкула, прэзентацыя праекта і апаніраванне) на працягу трох працоўных дзён стануць вядомымі каманды-пераможцы. Узнагароджанне адбудзецца 28 красавіка 2018 года ў рамках урачыстага закрыцця Дэкады студэнцкай навукі ў актавай зале БДПУ.

(Пры падрыхтоўцы паведамлення выкарыстоўваліся матэрыялы, размешчаныя на сайце БДПУ).

А.С. Астрэйка, дацэнт кафедры

педагогікі і псіхалогіі,

загадчык філіяла


Дадатковая інфармацыя