Семінар “Бяспечны летні адпачынак”

Семінар “Бяспечны летні адпачынак”

 23 мая ва ўніверсітэце адбыўся семінар “Бяспечны летні адпачынак”, асноўнай мэтай якога было прывіццё навыкаў бяспечных паводзінаў студэнцкай моладзі, выхаванне адказнага стаўлення да свайго здароўя.

 У сваім уступным слове сакратар ПА ГА БРСМ УА МДПУ імя І.П. Шамякіна Процка Т.В. падкрэсліла актуальнасць і значнасць дадзенай сустрэчы.

 Аб разнастайных фактарах рызыкі ў перыяд летніх канікулаў расказаў загадчык аддзела грамадскага здароўя УА “Мазырскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Чапялевіч Ю.М. Небяспеку падчас вандровак у лясных масівах уяўляюць укусы кляшчоў, мерамі прафілактыкі якіх з’яўляюцца закрытае адзенне і галаўны ўбор, спецыяльныя сродкі абароны – рэпеленты, перыядычны агляд адзення. Падчас навальніцы рэкамендуецца знаходзіцца далёка ад вадаёмаў, чыгункі, не дакранацца да дрэў і металічных канструкцый. Пры сустрэчы са змяёй не варта рабіць рэзкіх рухаў і даць магчымасць ёй адступіць. Таксама Чапялевіч Ю.М. нагадаў аб правілах збору і прыгатавання грыбоў, неабходнасці радыёнукліднага кантролю.

 Пытанні бяспекі на вадзе асвятліў старшыня Мазырскай РА ТВВАД Бяляй В.А., адзначыўшы, што 70% трагедый на вадзе адбываецца з грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення. Неабходна правільна выбіраць месца для купання, пажадана на афіцыйным пляжы ў зоне бачнасці выратавальнікаў, адмовіцца ад нырання, не заплываць за буйкі, паколькі за буйкамі ўжо знаходзіцца суднаходны шлях. Нагадаў удзельнікам семінара пра азы аказання першай дапамогі, падкрэсліўшы, што неабходна не ўпускаць шанец рэаніміраваць чалавека, нават калі вы недастаткова валодаеце медыцынскімі навыкамі, паколькі час для выратавання жыцця складае 3–5 хвілін.

 Інжынер па ахове працы Ракаўшчык Л.В. расказаў аб асновах працоўнага заканадаўства, электрабяспекі і бяспекі на пажарах, таксама аб правілах выкарыстання парашковых вогнетушыльнікаў. 

 

Дадатковая інфармацыя