Дзень Вялікай Перамогі

Дзень Вялікай Перамогі

З 05 па 10 мая 2017 года ва УА “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна” адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 72-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

05 мая 2017 года студэнты-першакурснікі, якія пражываюць у інтэрнатах № 1, 2, 3 павіншавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Пугалава Уладзіміра Пракопавіча, Вафека Івана Антонавіча і Хрусталёву Юлію Аляксандраўну з надыходзячым святам Вялікай Перамогі.

У гэты ж дзень у галоўным корпусе ўніверсітэта адбыўся святочны канцэрт “Памятаем, ганарымся, шануем”, прымеркаваны да Дня Вялікай Перамогі. Песні ваенных гадоў, якія гучалі на святочным канцэрце, яшчэ раз нагадалі ўсім прысутным аб тым, што, колькі б часу не прайшло, мы заўсёды будзем памятаць пра подзвіг нашага народа.

06 мая адміністрацыя, супрацоўнікі і прафсаюзныя арганізацыі ўніверсітэта наведалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былую супрацоўніцу ўніверсітэта, Раманаву Екацярыну Піліпаўну. Ветэрану пажадалі моцнага здароўя, бадзёрасці духу, уручылі памятныя падарункі і кветкі.

09 мая 2017 года адбыўся ўрачысты мітынг на Кургане Славы з удзелам ветэранаў вайны, кіраўніцтва горада, прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, моладзі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел адміністрацыя УА МДПУ імя І.П. Шамякіна, дэканы факультэтаў, прадстаўнікі структурных падраздзяленняў, аспіранты, магістранты, студэнты.

Таксама для студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта ў кінатэатры “Мір” 10 мая быў арганізаваны прагляд мастацкага фільма “Тры дні да вясны”.

Абавязак кожнага з нас сёння памятаць і быць удзячнымі тым, хто змагаўся за мірнае неба над галавой. Дзякуй Вам, дарагія ветэраны, за Перамогу!

Дадатковая інфармацыя