Круглы стол «Здаровы лад жыцця – аснова шчаслівай сям’і»
- Падрабязнасці
- Апублікавана 03.03.2017 11:52
“Дзевяць дзясятых нашага шчасця
залежыць ад здароўя”
Артур Шапэнгаўэр
2 сакавіка ва ўніверсітэце адбыўся круглы стол “Здаровы лад жыцця – аснова шчаслівай сям’і”, на якім прысутнічалі прадстаўнікі студэнцкага самакіравання, актыў інтэрнатаў і факультэтаў.
У працэсе зносінаў удзельнікамі былі разгледжаны паняцці каштоўнасцей у маладзёжным асяродку, маральны і прававы аспекты шлюбных адносінаў. Урач дэрматавенеролаг Мазырскага скурна-венералагічнага дыспансера Зубар А.В. асновай спрыяльных узаемаадносінаў назвала давер і вернасць мужа і жонкі, адказнае стаўленне да свайго здароўя і здароўя блізкіх. Дадзеная тэма выклікала актыўнае абмеркаванне сярод удзельнікаў, у ходзе якога спецыяліст агучыла статыстычныя дадзеныя аб захворваннях ІППШ у Мазырскім раёне, а таксама метады прафілактыкі і дыягностыкі.
Да духоўна-маральнага аспекту сямейных узаемаадносінаў звярнуўся Іерэй Аляксандр. Таксама ён падкрэсліў згубнасць шкодных звычак, іх негатыўны ўплыў на цела і душу чалавека.
У ходзе мерапрыемства студэнты пазнаёміліся са статыстычнымі дадзенымі, прадастаўленымі аддзелам ЗАГС Мазырскага райвыканкама, у якіх адлюстраваны звесткі аб зніжэнні колькасці шлюбаў і разводаў і павелічэнні колькасці народжаных дзяцей у 2016 годзе, у параўнанні з 2015.
Напрыканцы круглага стала ўдзельнікам прапанавалі для прагляду відэаролік аб адмоўным уплыве алкаголю на сямейныя ўзаемаадносіны, правялі ананімнае анкетаванне па здаровым ладзе жыцця.