Пасяджэнне валанцёрскага актыву «Валанцёр – гэта стыль жыцця!»
- Падрабязнасці
- Апублікавана 08.12.2016 11:38
5 снежня ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень валанцёра. У гэты дзень ва ўніверсітэце адбылося пашыранае пасяджэнне валанцёрскага актыву ўніверсітэта “Валанцёр – гэта стыль жыцця!”. На пасяджэнні былі асветлены асноўныя палажэнні Канцэпцыі маладзёжнага валанцёрскага руху Рэспублікі Беларусь, накірункі развіцця маладзёжнага самаахвотніцкага руху ўніверсітэта, а таксама ўдзел студэнтаў у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
Актывіст універсітэцкага валанцёрскага руху “Твары дабро” Аляксандр Слуцкі прадставіў справаздачу аб праведзеных мерапрыемствах за перыяд з верасня па лістапад 2016 года і прачытаў віншавальны ліст ад імя Марыненка А.М., старшыні Мазырскай раённай арганізацыі БТ Чырвонага Крыжа.
З пытаннем аб донарстве, аб значнасці прынцыпаў бескарыснасці і самаахвотнасці выступіла загадчык аддзялення УЗ “Мазырская станцыя пералівання крыві” Мароз А.Ф. Было прынята рашэнне аб правядзенні студэнтамі-валанцёрамі інфармацыйнай работы ў вучэбных групах, на факультэтах і ў інтэрнатах з мэтай заахвочвання студэнтаў да ўдзелу ў Дні бескарыснага донарства, які адбудзецца ў лютым 2017 года.
Напрыканцы начальнік аддзела па выхаваўчай рабоце з моладдзю Мацвеева С.В. павіншавала ўдзельнікаў пасяджэння, пажадала ўсім творчых поспехаў, уручыла лісты падзякі і памятныя падарункі валанцёрам, для якіх дабрачыннасць сапраўды стала стылем жыцця.
Валанцёрамі не нараджаюцца – валанцёрамі становяцца!