Семінар "Праблемы сучаснай моладзі"

Семінар "Праблемы сучаснай моладзі"

11 лістапада 2013 г. у межах Сусветнага дня моладзі на фізіка-матэматычным факультэце адбыўся семінар "Праблемы сучаснай моладзі". 

На семінары абмяркоўваліся наступныя праблемы: «Моладзь і наркотыкі» , «Гандаль людзьмі ў сучасным свеце» , «Роля сям'і ў сучасным свеце».

Адкрыў семінар Зданевіч Валерый Сцяпанавіч, начальнік наркакантролю Мазырскага РАУС. У ходзе гутаркі Валерый Сцяпанавіч закрануў праблемы наркаманіі ў маладзёжным асяроддзі, распавёў пра шкоду наркотыкаў, прычынах, з-за якіх моладзь пачынае прымаць наркотыкі , пра тыя наступствы , з якімі прыходзіцца сутыкацца родным і блізкім наркамана .

Радаўня Таццяна Уладзіміраўна, дырэктар сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы УА МДПУ імя І.П.Шамякіна, распавяла пра праблемы гандлю людзьмі як для Рэспублікі Беларусь, так і для ўсёй сусветнай супольнасці. Меры па супрацьдзеянні гандлю людзьмі маюць у Беларусі комплексны характар. У нашай краіне створана «гарачая лінія» з кароткім нумарам 113 для інфармавання грамадзян і пашырэння доступу да інфармацыі аб процідзеянні гандлю людзьмі.

Протаіерэй Сергій Вачугоў, святар Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора, свой выступ прысвяціў ролі сям'і ў сучасным свеце. Ён адзначыў, што шлюб мае тры бакі: біялагічны , сацыяльны і духоўны, і толькі пры нармальных умовах яны ўтвараюць цэласнае адзінства. Скончыў семінар протаіерэй Сергій словамі «Мы павінны ведаць, што сям'я - гэта дар. Дар ад Бога. Шануеце гэты дар і будзьце дабраславёныя!»

У ходзе семінара ў студэнтаў была магчымасць задаць пытанні па праблемах, якія абмяркоўваліся на семінары. Пасля заканчэння мерапрыемства старшыня актыву студэнцкага самакіравання фізіка-матэматычнага факультэта Літвіх А.В. падзякавала ўдзельнікам семінара.

Дадатковая інфармацыя